Ізраіль і Іран правялі новыя ўзаемныя атакі, емэнскія хусіты далучыліся да баявых дзеяньняў на баку Тэгерану

Ізраільскія выратавальныя каманды зь ліхтарыкамі і сабакамі шукаюць людзей у разбураным ад іранскага ўдару жылым доме, 15 чэрвеня 2025 году

Раніцай ізраільскія вайскоўцы заклікалі іранцаў, якія жывуць паблізу ядзерных рэактараў і вайсковых аб’ектаў, тэрмінова эвакуавацца, а прэм’ер-міністар Біньямін Нэтаньягу заявіў, што дагэтуляшнія напады Ізраілю — нішто ў параўнаньні з тым, што Іран убачыць неўзабаве.

Ізраіль і Іран правялі новыя ўзаемныя атакі ў ноч на 15 чэрвеня, пасьля таго як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што канфлікт можна лёгка спыніць, і перасьцярог Тэгеран ад удараў па амэрыканскіх цэлях.

Як паведаміла агенцтва Reuters, ізраільскія выратавальныя каманды зь ліхтарыкамі і сабакамі абыходзілі руіны жылых дамоў, разбураных ударамі, каб знайсьці тых, хто выжыў, пасьля таго як загінулі прынамсі 10 чалавек, у тым ліку дзеці.

Раніцай ізраільскія вайскоўцы заклікалі іранцаў, якія жывуць паблізу ядзерных рэактараў і вайсковых аб’ектаў, тэрмінова эвакуавацца, а прэм’ер-міністар Біньямін Нэтаньягу заявіў, што дагэтуляшнія напады Ізраілю — нішто ў параўнаньні з тым, што Іран убачыць неўзабаве.

А прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў на сваёй плятформе Truth Social:

«Калі на нас нападуць у любой форме, уся сіла і моц Узброеных сілаў ЗША абрынуцца на вас на ўзроўні, якога ніколі раней ня бачылі. [...] Аднак мы можам лёгка заключыць пагадненьне паміж Іранам і Ізраілем і спыніць гэты крывавы канфлікт».

Трамп не ўдакладніў дэталяў магчымага пагадненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль ня можа дапусьціць, каб Іран валодаў ядзернай зброяй, — аналітык Гендэльман

Міністар замежных справаў Ірану Абас Аракчы заявіў, што напады Ізраілю, якія пачаліся 13 чэрвеня, былі накіраваныя на сабатаж ядзерных перамоваў з ЗША, што мелі аднавіцца ў Маскаце (Аман) 15 чэрвеня. Ён сказаў, што ЗША падтрымліваюць напады Ізраілю і што Іран дзейнічае толькі ў мэтах самаабароны.

У Ізраілі сярод мэтаў атакі назвалі спыненьне распрацоўкі Іранам атамнай зброі і зьнішчэньне яго балістычнага ракетнага патэнцыялу. Чыноўнікі прызналі, што ракетныя ўдары наўрад ці цалкам спыняць ядзерную праграму Ірану, і выказалі надзею, што яны прывядуць да ўсеабдымнай дамовы паміж ЗША і Іранам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль пашырае апэрацыю ў Іране. Пад удар трапіў нафтавы завод у Тэбрызе

Аракчы раней заяўляў, што перамовы ў Амане ня могуць адбыцца, пакуль Іран цярпіць ад «барбарскіх» нападаў Ізраілю.

Паводле ўладаў Ірану, у першы дзень ізраільскай кампаніі там загінулі 78 чалавек, а ў другі яшчэ больш, у тым ліку 60 чалавек, калі ракета абваліла 14-павярховы жылы дом у Тэгеране, дзе 29 загінулых былі дзеці.

Емэнскія хусіты, якія падтрымліваюць Іран, заявілі 15 чэрвеня, што за апошнія 24 гадзіны яны абстралялі некалькімі балістычнымі ракетамі Яфу ў цэнтральнай частцы Ізраілю. Гэта першы выпадак, калі хаўрусьнік Ірану далучыўся да баявых дзеяньняў.

Тэгеран папярэдзіў хаўрусьнікаў Ізраілю, што іх вайсковыя базы ў рэгіёне таксама будуць атакаваныя, калі зь іх будуць зьбіваць іранскія ракеты.

Паводле ізраільскіх уладаў, ад удараў Ірану за апошнюю ноч загінулі прынамсі 10 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, і больш за 140 атрымалі раненьні ў выніку ўдараў ракет, што трапілі ў жылыя дамы на поўначы і ў цэнтры Ізраілю.

Ізраільскія СМІ паведамілі, што як мінімум 35 чалавек прапалі бязь вестак пасьля ўдару па горадзе Бат-Ям на поўдні ад Тэль-Авіву. Прадстаўнік тэрміновых службаў заявіў, што ракета пацэліла ў 8-павярховы дом, і, хоць шмат людзей уратаваліся, ёсьць і загінулыя.

Пакуль што з моманту пачатку Іранам удараў у адказ 13 чэрвеня ў Ізраілі загінулі сама меней 13 чалавек і больш за 300 атрымалі раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль атакаваў ядзерныя аб’екты і ракетныя базы Ірану. Загінулі генэралы і навукоўцы, зьвязаныя з праграмай узбагачэньня ўрану