Міністэрства замежных справаў Расеі паведаміла аб эвакуацыі з Ірану 238 грамадзян Расеі, Беларусі і Таджыкістану.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, эвакуацыя адбывалася праз наземную мяжу паміж Іранам і Азэрбайджанам, бо паветраная прастора праз узаемныя абстрэлы Ізраілю і Ірану застаецца закрытай.
У той жа час у Расеі не ўдакладнілі колькасьць эвакуаваных грамадзян Беларусі.
МЗС Беларусі пакуль нічога не паведамляе аб уласных спробах эвакуаваць беларускіх грамадзян з зоны канфлікту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры краін G7 сабраліся на саміт у Канадзе падчас абмену ўдарамі паміж Ізраілем і Іранам- У ноч на 13 чэрвеня сілы ВПС Ізраілю атакавалі мноства аб’ектаў на тэрыторыі Ірану — для нанясеньня крытычнай шкоды ядзернаму і ракетнаму патэнцыялу краіны. Былі атакаваныя ядзерныя аб’екты, ракетныя базы, авіябазы, сыстэмы супрацьпаветранай абароны, камандныя пункты, а таксама нанесеныя прыцэльныя ўдары па вайковым кіраўніцтве і асобах, якія маюць дачыненьне да разьвіцьця іранскай ядзернай праграмы.
- У адказ Іран запусьціў у бок Ізраілю бесьпілётныя лётныя апараты (паводле інфармацыі ізраільскіх СМІ, усе яны былі перахопленыя), а затым атакаваў балістычнымі ракетамі.
- Начамі на 14 і на 15 чэрвеня абмен ударамі працягваўся.
- Паводле ўладаў Ірану, у першы дзень ізраільскай кампаніі там загінулі 78 чалавек, а ў другі — яшчэ больш, у тым ліку 60, калі ракета абваліла 14-павярховы жылы дом у Тэгеране, дзе 29 загінулых былі дзеці.
- Паводле ізраільскіх уладаў, у выніку ўдараў Ірану ў ноч на 15 чэрвеня загінулі сама меней 10 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, і больш за 140 атрымалі раненьні ў выніку ўдараў ракет, што трапілі ў жылыя будынкі на поўначы і ў цэнтры Ізраілю.