Улады Беларусі фармалізавалі крытэры ўключэньня ў сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» і дадалі ў пералік новыя артыкулы Крымінальнага кодэксу, паведаміла «Медиазона».
Што зьмянілася
Больш за паўсотні артыкулаў Крымінальнага кодэксу (КК) вядуць да аўтаматычнага ўключэньня ў сьпіс «экстрэмістаў» тых, каму быў вынесены прысуд паводле іх.
Абскардзіць уключэньне ў сьпіс «экстрэмістаў» тэарэтычна можна цягам месяца.
«Прапаганда вайны» і «незаконнае атрыманьне замежнай дапамогі з мэтай тэрарыстычнай дзейнасьці» — новыя падставы для ўключэньня ў сьпіс «тэрарыстаў».
У сьпіс «тэрарыстаў» будуць уносіць на падставе «ўзгодненага рашэньня» кіраўнікоў КДБ, МУС, генэральнага пракурора або іхных намесьнікаў «з улікам інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі». Гэта тычыцца абвінавачаных або асуджаных паводле артыкула «распальваньне варожасьці».
Для выключэньня зь «сьпісу «тэрарыстаў» грамадзянін павінен сам зьвярнуцца ў КДБ і абгрунтаваць сваю просьбу. Рашэньне таксама будзе прымацца калегіяльна. Выключыць зь сьпісу «тэрарыстаў» могуць таксама ў выпадку
- скасаваньня прысуду,
- спыненьня крымінальнага перасьледу,
- пагашэньня ці зьняцьця суджанасьці.
Для выключэньня зь сьпісу «экстрэмістаў» крытэры тыя ж, але пагашэньня і зьняцьця суджанасьці мала. Трэба яшчэ, каб пасьля гэтага прайшло пяць гадоў.
За незаконнае набыцьцё ці захоўваньне радыяактыўных матэрыялаў, атруты, зброі, згон транспарту раней маглі ўключыць у сьпіс «тэрарыстаў» паводле любой часткі артыкула КК. Цяпер жа — толькі калі гэта рабілася з мэтай учыненьня «тэрарызму, дывэрсіі ці стварэньня незаконнага фармаваньня (адпаведна часткам 3 і 4 адпаведных артыкулаў КК).
- У сьпісе «экстрэмістаў» — больш за 5000 беларусаў.
- У сьпісе «тэрарыстаў» — больш за 500.
- Да 2020 году ў «тэрарыстычным» сьпісе ніводнага беларуса не было.
Чаго нельга людзям, уключаным у сьпіс «экстрэмістаў»
- Займацца выдавецкай дзейнасьцю.
- Складаць адукацыйныя праграмы.
- Займаць дзяржаўныя пасады.
- Праходзіць вайсковую службу.
Іх фінансавыя апэрацыі — пад асаблівым кантролем. У іх могуць быць праблемы з уладкаваньнем на працу. Яны знаходзяцца пад кантролем міліцыі.
Гэтыя забароны і абмежаваньні дзейнічаюць да пагашэньня або зьняцьця суджанасьці і цягам 5 гадоў пасьля гэтага.
Чаго нельга людзям, уключаным у сьпіс «тэрарыстаў»
- Аформіць банкаўскую картку ці рахунак
- Узяць крэдыт
- Аформіць даверанасьць
- Атрымаць спадчыну
- Купіць SIM-карту
- Застрахавацца
За імі вядзецца прафіляктычнае назіраньне, іх выклікаюць у міліцыю на гутаркі і з мэтай кантролю.
У выпадку трох адміністрацыйных правапарушэньняў за год іх могуць пазбавіць права
- пакідаць свой населены пункт,
- прыходзіць дадому пазьней за пэўны час.
Ім таксама можа быць забаронены выезд за мяжу.
Знайсьці працу зь меткай «тэрарыста» і забаронай адкрываць рахункі практычна немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нацыянальная ідэя разгромленая, яе найлепшыя носьбіты або забітыя, або сядзяць у турмах, або ў падпольлі і эміграцыі», — Сяргей ДубавецУсе артыкулы для ўключэньня ў сьпіс «экстрэмістаў»
124–129. (Акт тэрарызму ў дачыненьні да прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі. Напад на ўстановы, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай. Акт міжнароднага тэрарызму. Генацыд. Злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва. Вытворчасьць, назапашваньне альбо распаўсюджваньне забароненых сродкаў вядзеньня вайны)
130. Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або звады
130-1. Рэабілітацыя нацызму
130-2. Адмаўленьне генацыду беларускага народу
131. Экацыд
134. Прымяненьне зброі масавага паражэньня
139, пункт 14 часткі 2. Забойства з матываў расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці або звады, палітычнай ці ідэалягічнай варожасьці, а роўна з матываў варожасьці або звады ў дачыненьні да пэўнай сацыяльнай групы
147, пункт 8 часткі 2. Наўмыснае прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня з матываў расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці або звады, палітычнай ці ідэалягічнай варожасьці, а роўна з матываў варожасьці або звады ў дачыненьні да пэўнай сацыяльнай групы
191. Перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэфэрэндуме, альбо рэалізацыі грамадзянамі права заканадаўчай ініцыятывы, права на ўнясеньне прапановаў Усебеларускаму народнаму сходу, альбо рабоце Цэнтральнай выбарчай камісіі, выбарчых камісій, камісій для рэфэрэндуму, камісій для правядзеньня галасаваньня аб адкліканьні дэпутата
287. Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня
289. Акт тэрарызму
289-1. Прапаганда тэрарызму
290. Пагроза ўчыненьнем акту тэрарызму
290-1. Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці
290-2. Спрыяньне тэрарыстычнай дзейнасьці
290-3. Праходжаньне навучаньня або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасьці
290-4. Стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй
290-5. Арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасьці такой арганізацыі
291. Захоп закладніка
292. Захоп будынкаў і збудаваньняў
293. Масавыя беспарадкі
294, частка 4. Выкраданьне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў або выбуховых рэчываў — з мэтай учыненьня злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124–127, 131, 289, 359 і 360 КК
295, частка 4. Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў — з мэтай учыненьня злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124–127, 131, 289, 359 і 360 КК
309, частка 4. Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін
311, частка 3. Згон альбо захоп з мэтай згону чыгуначнага рухомага складу, паветранага або воднага судна — з мэтай учыненьня злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124–127, 131, 289, 359 і 360 КК
322, частка 3. Незаконныя набыцьцё, захоўваньне, выкарыстаньне, збыт альбо разбурэньне радыяактыўных матэрыялаў
323, частка 3. Выкраданьне радыяактыўных матэрыялаў — з мэтай учыненьня злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124-127, 131, 289, 359 і 360 КК
324. Пагроза небясьпечным выкарыстаньнем радыяактыўных матэрыялаў
333, частка 3. (Незаконны абарот моцнадзейных або атрутных рэчываў — з мэтай учыненьня злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124–127, 131, 289, 359 і 360 КК)
341–1. Прапаганда або публічнае дэманстраваньне, выраб, распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі ці атрыбутыкі
342. Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
342–2. Неаднаразовае парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў
357. Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады
359. Акт тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча
360. Дывэрсія
361. Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь
361–1. Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім
361–2. Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці
361–4. Спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці
361–5. Праходжаньне навучаньня або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасьці
369–1. Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь
369–2. Незаконныя атрыманьне і (або) выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі (у мэтах ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасьці)
369–3. Публічныя заклікі да арганізацыі ці правядзеньня незаконных сходу, мітынгу, вулічнага шэсьця, дэманстрацыі ці пікетаваньня або ўцягваньне асобаў ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах
423–1. Невыкананьне рашэньня аб прызнаньні арганізацыі, дзейнасьці індывідуальнага прадпрымальніка экстрэмісцкімі, аб спыненьні дзейнасьці прадстаўніцтва замежнай або міжнароднай арганізацыі і (або) прыпыненьні іх дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адміністрацыі Лукашэнкі заявілі, што ён задавальняе палову хадайніцтваў аб памілаваньніУсе артыкулы для ўключэньня ў сьпіс тэрарыстаў
(Паводле пастановы Савету Міністраў ад 10 чэрвеня 2025 году)
124. Акт тэрарызму ў дачыненьні да прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі
125. Напад на ўстановы, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай
126. Акт міжнароднага тэрарызму
127. Генацыд
128. Злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва
129. Вытворчасьць, назапашваньне або распаўсюджваньне забароненых сродкаў вядзеньня вайны
130. Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці ці розьні (уключаецца ўзгодненым рашэньнем КДБ, МУС, Генэральнага пракурора)
131. Экацыд
132. Наёмніцтва
133. Напад на асобаў ці ўстановы, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай
134. Прымяненьне зброі масавага паражэньня
287. Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня
289. Акт тэрарызму
289–1. Прапаганда тэрарызму
290. Пагроза ўчыненьнем акту тэрарызму
290–1. Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці
290–2. Спрыяньне тэрарыстычнай дзейнасьці
290–3. Праходжаньне навучаньня ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасьці
290–4. Стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй
290–5. Арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасьці такой арганізацыі
291. Захоп закладніка
292. Захоп будынкаў і збудаваньняў
294, частка 4. Выкраданьне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў або выбуховых рэчываў з мэтай учыненьня злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124–127, 131, 289, 359 і 360 КК
295, частка 4. Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў з мэтай учыненьня злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124–127, 131, 289, 359 і 360 КК
311, частка 3. Згон або захоп з мэтай згону чыгуначнага рухомага складу, паветранага або воднага судна з мэтай учыненьня злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124–127, 131, 289, 359 і 360 КК
322, частка 3. Незаконныя набыцьцё, захоўваньне, выкарыстаньне, збыт або разбурэньне радыяактыўных матэрыялаў з мэтай учыненьня злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124–127, 131, 289, 359 і 360 КК
323, частка 3. Выкраданьне радыяактыўных матэрыялаў з мэтай учыненьня злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124–127, 131, 289, 359 і 360 КК
324. Пагроза небясьпечным выкарыстаньнем радыяактыўных матэрыялаў
333, частка 3. Незаконны абарот моцнадзейных або атрутных рэчываў з мэтай учыненьня злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124–127, 131, 289, 359 і 360 КК
359. Акт тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча
360. Дывэрсія
361–6. Прапаганда вайны
369–2. Незаконныя атрыманьне і (або) выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі (з мэтай ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачынаюцца суды ў справе «Беларускага Гаюна», — «Вясна»