Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нацыянальная ідэя разгромленая, яе найлепшыя носьбіты або забітыя, або сядзяць у турмах, або ў падпольлі і эміграцыі», — Сяргей Дубавец


Расьцяжка «Жыве Беларусь» у Санкт-Пецярбургу ў падтрымку беларускіх пратэстаў. 12 жніўня 2020 году
Расьцяжка «Жыве Беларусь» у Санкт-Пецярбургу ў падтрымку беларускіх пратэстаў. 12 жніўня 2020 году

У Беларусі сёньня, пры гэтай уладзе, няма нацыянальных інтарэсаў, бо нацыянальная ідэя разгромленая, яе найлепшыя носьбіты або забітыя, або сядзяць у турмах, або ў падпольлі і эміграцыі. Над краінай лунае Лукашэнка, які «не адчувае» нацыянальную ідэю, а значыць, не адчувае нацыю і саму Беларусь.

Аляксандар Лукашэнка зноў прызнаўся, што «не адчувае» нацыянальную ідэю. «Дай бог, каб мы, нарэшце, народу выразна сказалі…: вось выпрацаваць нам бы такую нацыянальную ідэю, якая б магла захапіць душы і сэрцы, розум людзей. Можа, яна і ёсьць… Але я не адчуваю, што ёсьць такая ідэя. Калі мы яе выпрацуем… — гэта вяршыня», — сказаў ён.

«Жыве Беларусь!»

Гэтая вяршыня ёсьць, безумоўна. Нацыянальная ідэя — гэта ідэя нацыі. Яна ў словах Янкі Купалы «Жыве Беларусь!», якія захопліваюць сэрца і розум беларуса. І складаецца яна зь беларускай мовы і сваёй незалежнай дзяржавы, дзе беларусы пачуваюцца ў сябе дома і ім тут найлепей. Нічога экстраардынарнага. Яна ў тым, што беларуская нацыя — жыве. Між іншым, ідэя тыповая, хоць і прамаўляе яе кожная нацыя па-свойму. А калі нацыі няма, дык і ідэі такой быць ня можа.

Вокладка зборніку твораў Янкі Купалы «Жыве Беларусь» (Менск, 1993 год)
Вокладка зборніку твораў Янкі Купалы «Жыве Беларусь» (Менск, 1993 год)

Напэўна, Лукашэнка не чытаў аднайменнага верша Янкі Купалы 1905 году, калі зноў і зноў «шукае» нацыянальную ідэю, хоць сам жа яе і забараніў, прызнаўшы словы «Жыве Беларусь!» экстрэмісцкімі. А верш Купалы, між іншым, варты таго, каб з маленства ведаць яго на памяць.

З гэтым вершам і паўставала сучасная беларуская нацыя — школа, тэатар, кнігі і газэты, палітычныя партыі — каб у 1918 годзе абвясьціць сябе незалежнай. Усё як ува ўсіх, ніхто б і не падумаў, што наша нацыянальная ідэя «можа быць, і ёсьць», толькі хтосьці яе «не адчувае». Проста прыйшлі бальшавікі з Расеі і панізілі статус Беларусі зь незалежнай краіны да «саюзнай рэспублікі».

Але пры першай магчымасьці, у 1991-м, нацыя вярнула сабе незалежнасьць. І ідэя была нязьменнай — «Жыве Беларусь!» Аднак у 1994-м зьявіўся Лукашэнка і… пачаў шукаць нацыянальную ідэю… чамусьці ў Гітлера:

«Нямецкі парадак фармаваўся вякамі, пры Гітлеру гэта фармаваньне дасягнула найвышэйшага пункту. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта»…

І тут прыйшоў Лукашэнка

Уласна беларуская нацыянальная ідэя была ім рашуча адкінутая. Цяпер трэба зрабіць рэмарку, «адкрыць сакрэт». У нацыі ня можа быць дзьвюх ці болей нацыянальных ідэяў. Калі гэта тая самая нацыя. У адной нацыі можа быць толькі ідэя гэтай самай нацыі. Таксама ў нацыі ня можа быць — як сваёй — ідэі чужой нацыі. Таму калі Лукашэнка зрабіў расейскую мову паноўнай у Беларусі, ён аб’ектыўна мусіў панізіць і статус дзяржавы зь незалежнай — назад да «саюзнай рэспублікі», хоць бы і да саюзу з Расеяй. Вось чаму ён вярнуў БССРаўскую сымболіку.

Між тым, адкінутая ім нацыянальная ідэя — гэта заўсёды імкненьне нацыі да суб’ектнасьці і незалежнасьці, а не ў адваротным кірунку. Урэшце і загаварыў ён пра нацыянальную ідэю сёньня як пра тое, што, «можа, і ёсьць», але пры тым — «вяршыня», бо сам жа яе і зьнішчыў, а тут адчуў, што ў «саюзнай рэспубліцы» ён аб’ектыўна падпарадкоўваецца Крамлю.

Стэрэатыпнае ўяўленьне пра беларусаў як «тоже русских» аказалася прапагандысцкай падманкай

Стэрэатыпнае ўяўленьне пра беларусаў як «тоже русских» аказалася прапагандысцкай падманкай, ня больш. Яно не працуе. І не таму, што беларусы не русыфікуюцца, а таму, што расейцы — ня нацыя. У іх няма нацыянальнай ідэі. Сярод нацыяў яны ня могуць быць роўнымі сярод роўных. Як кажа Пуцін: «А нашто нам такі сьвет, калі там ня будзе Расеі?» Расейцы — імпэрскі народ, які жыве ў данацыянальную эпоху ўяўленьнямі свайго першага імпэратара Пятра І. (Тут дазволю сабе зруйнаваць яшчэ адзін фальшывы стэрэатып некаторых беларусаў, быццам Пётр І і ўсе расейскія цары былі «нашымі» для нашых продкаў-беларусаў. Не былі. Ад пачатку дзён беларусы 500 гадоў жылі ў іншай, сваёй дзяржаве зь іншымі, сваімі кіраўнікамі).

Словам, усё, што ў выніку засталося ў Лукашэнкі замест нацыянальнай ідэі, якой ён «не адчувае», але пры тым яна — вяршыня, гэта нежаданьне правільна вымаўляць расейскае «щ».

Няправільнае расейскае «щ»

Гэта, вядома, можна было б патлумачыць «нацыянальным калярытам». Але, пры ўсім самапрыніжэньні перад Расеяй, гэта ўсяго толькі лягапэдычная лянота і дэманстрацыя дэфэкту маўленьня як сваёй перавагі. Мы ведаем, што такія паводзіны, калі ламаньне правілаў і непавага да іншага падаецца як уласная вышэйшасьць, — гэта стыль Лукашэнкі, ягоны «самададзены прывілей на ўседазволенасьць», што ў культурным таварыстве звычайна ўспрымаюць як гопніцтва. Варта згадаць шпіца на абедным стале і падобныя выбрыкі. З разуменьнем да гэтага могуць ставіцца ў Расеі, а ў цывілізаваным сьвеце больш нікуды Лукашэнку ўжо і не запрашаюць.

Няправільнае «щ» — гэта ўсё, што засталося ад беларускай нацыянальнай ідэі, дазаванай да Лукашэнкавага разуменьня

Такім чынам, няправільнае «щ» — гэта ўсё, што засталося ад беларускай нацыянальнай ідэі, дазаванай да Лукашэнкавага разуменьня. Акурат столькі беларускай мовы, столькі канструктыўнай прэзыдэнцкай улады (незалежнай дзяржаўнасьці) і столькі адэкватнага стаўленьня да беларускага народу. Калі пералічыць усе зьнявагі, якія Лукашэнка за 30 гадоў вываліў на галовы беларусаў — ад «народца» да «дармаедаў» — можна падумаць, што гэта нейкі барын-самадур з-пад Разані шальмуе сваіх прыгонных.

Вядома, нацыянальная ідэя не бывае без эмпатыі. Народ ня трэба любіць, бо людзі розныя, і любяць звычайна тых, хто з табой «на адной ноце». Але ты мусіш пачувацца неад’емнаю часткаю сваёй нацыі і любіць сваю краіну ўва ўсёй яе самабытнасьці ды адметнасьці. Асабліва калі ты чыноўнік на пасадзе. У Беларусі мноства людзей, надзеленых і такой любоўю, і разуменьнем нацыянальнай ідэі. І вось тут мы бачым яшчэ адну асаблівасьць Лукашэнкі. Ён палітык-адзіночка.

Палітык-адзіночка

То бок той, хто ня здольны стварыць каманду і працаваць зь ёю. Адсюль гэтае «не адчуваю, што ёсьць такая ідэя». Прэзыдэнт ня мусіць чагосьці не адчуваць, калі ў яго ёсьць каманда. Менавіта нацыянальная ідэя злучае такую каманду для разьвязаньня задачаў. І менавіта такая каманда патрэбная Беларусі на працягу апошніх 30 гадоў, а ня «мудры кіраўнік» ці дыктатар.

Да прыкладу, у літоўцаў прэзыдэнт адчувае роўнасьць сябе з кожным іншым грамадзянінам і наадварот, кожны адчувае роўнасьць зь ім. Прэзыдэнт адчувае сваю звычайную літоўскасьць і мае абавязак прымаць рашэньні. Яго можна сустрэць у падвіленскім лесе і перакінуцца парай словаў. Ён не баіцца людзей і не палохае іх сваім манстрызмам (дыктатура наш брэнд). Ня тое каб ён патасна любіў літоўскі народ. Кожны народ усякі. Але ён адчувае сябе часткаю менавіта гэтага народу. З гэтага ўсё і пачынаецца.

У камандзе прэзыдэнта кожны робіць тое, на што ён здольны, а не рабалепствуе, хаваючы свае праўдзівыя здольнасьці і погляды. Як у нас, дзе «каманда» баіцца прэзыдэнта, а ён — «каманды». Ён палохае яе турмой, а яна ўсяляк хаваецца ад яго. Разам яны робяць усё, каб ня быць нацыяй. Так яны і вісяць у паўзе 30 гадоў.

У чым нацыянальныя інтарэсы Беларусі, калі глядзець на Лукашэнку? У тым, каб даіць Расею ці Кітай?

Чаму нацыянальная ідэя — вяршыня, зразумець няцяжка, бо яна фармуе той комплекс патрэбаў нацыі, які называецца нацыянальнымі інтарэсамі. Прынамсі ў сьвеце яно так і адбываецца. А ў чым нацыянальныя інтарэсы Беларусі, калі глядзець на Лукашэнку? У тым, каб даіць Расею ці Кітай? Каб пасварыцца з астатнімі суседзямі? Каб шукаць інтэрас дзесьці ў Афрыцы ці Пакістане? Але Беларусь там не жыве. Яе непасрэдныя суседзі — Латвія, Літва, Польшча, Расея і Ўкраіна. Паміж іх Беларусь мусіць шукаць сваю нацыянальную стратэгію бясьпекі, а не ў КНДР. Ну і званьне «суагрэсара» ніяк ня можа адпавядаць нацыянальнай ідэі і нацыянальным інтарэсам, бо выключае суб’ектнасьць нацыі, а ў насельніцтва ідэі быць ня можа.

Нацыянальныя інтарэсы таму вяршыня, што яны найперш у сябе дома, у сваёй краіне і сваёй нацыі. А тут што ні вазьмі, у кожнай сфэры — адныя правалы. Ад сельскай гаспадаркі да кіно. Няправільнае расейскае «щ» кіруе ўсім няправільна.

Расея страшыць, вядома. Лукашэнка паўтарае: паглядзіце, што ва Ўкраіне, і нас тут заўтра ня будзе. Палітык-адзіночка робіць выгляд, што хаваецца за шырокую пуцінскую сьпіну, і баіцца гэтай сьпіны адначасова. Ён, кажа, і ня ведаў, што расейцы зь Беларусі нападуць на Ўкраіну. Якая ўжо тут нацыянальная ідэя…

Плякаты ўдзельнікаў «Марш міру і незалежнасьці» ў Менcку 30 жніўня 2020 году
Плякаты ўдзельнікаў «Марш міру і незалежнасьці» ў Менcку 30 жніўня 2020 году

Але адкуль убілася ў галаву думка, што Расея «мае права» на Ўкраіну і Беларусь? З колішніх недарэчных савецкіх прыдумак. І з забароны словаў «Жыве Беларусь!». А ў выніку абсалютна ніхто ня зможа прадказаць, чым скончацца для Беларусі ўсе гэтыя расейскія разбуральныя ваенныя авантуры. Што будзе на гэтым «куску зямлі». Бо справа якраз у нацыянальнай абароненасьці, якой у нас няма. Ніхто ня ведае, каго і ад чаго тут абараняць. Гісторыя нічому ня вучыць, нават таму, што Беларусь пад чужой уладай несла найбольшыя страты сярод суседзяў ад усіх войнаў і бед.

Нацыянальная ідэя, паўтаруся, зьява тыповая. Яна пасьпяхова ўвасобленая ў жыцьцё ў нашых суседзяў і далей у Эўропе. І іх паводзіны сёньня тыповыя — рыхтуюцца да расейскай агрэсіі. Толькі ў Беларусі ўсё наадварот. Хоць пры нармальным разьвіцьці адбывалася б тое самае. Бо людзі ў нас тыпалягічна тыя самыя, эўрапейскія, а не эўразійскія, то бок ненацыянальныя — як савецкія.

Як ні круці, у Беларусі сёньня, пры гэтай уладзе, няма нацыянальных інтарэсаў, бо нацыянальная ідэя разгромленая, яе найлепшыя носьбіты або забітыя, або сядзяць у турмах, або ў падпольлі і эміграцыі. Над краінай лунае Лукашэнка, які «не адчувае» нацыянальную ідэю, а значыць, не адчувае нацыю і саму Беларусь, яе нацыянальныя інтарэсы… Такія цяпер «ашчушчэнія».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG