Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома яшчэ пра аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расеі і трапіў ва ўкраінскі палон


Расейскі вайсковец. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі вайсковец. Ілюстрацыйнае фота

Цяпер ён мае статус ваеннапалоннага і можа трапіць у сьпіс будучых абменаў паміж Расеяй і Ўкраінай.

Грамадзяніну Беларусі Артуру Аракеляну, які ваяваў на баку Расеі, яшчэ ня споўніўся 21 год. Ён трапіў ва ўкраінскі палон сёлета ў траўні.

Як паведамілі Свабодзе ва ўкраінскім праекце Каардынацыйнага штабу Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі «Хачу жыць», Аракелян Артур Сагатэлавіч нарадзіўся 13 сьнежня 2004 году, паходзіць з Гомельскай вобласьці, Сьветлагорскага раёну, з аграгарадка Печышчы.

Як удалося высьветліць Свабодзе, Артур Аракелян зьяўляецца выпускніком Печышчанскай сярэдняй школы, але там ня ведаюць, чым ён займаецца і дзе цяпер знаходзіцца. Артур, як і ягоная маці Анжэла, зьяўляецца грамадзянінам Беларусі. Грамадзянства бацькі Сагатэла не ўдалося спраўдзіць, але мясцовыя жыхары сьцьвярджаюць, што ён часта езьдзіць на заробкі ў Расею.

Паводле інфармацыі ўкраінскага праекту, Артура Аракеляна ўзялі ў палон у часе баёў у Луганскай вобласьці. Ён ваяваў у 27 мотастралковым палку 25 агульнавайсковай арміі. Гэты полк быў створаны ў 2023 годзе ў рамках узмацненьня групоўкі войскаў для вайны ва Ўкраіне, цяпер уваходзіць у склад групоўкі войскаў «Захад» і дзейнічае на красналіманскім кірунку ў Луганскай вобласьці.

Дэталяў аб тым, як ён трапіў на вайну ва Ўкраіну, няма. Цяпер ён мае статус ваеннапалоннага і можа трапіць у сьпіс будучых абменаў паміж Расеяй і Ўкраінай.

Што расказалі «Кібэрпартызаны» пра беларуса

Грамадзянін Беларусі Артур Аракелян з аграгарадка Печышчы, якога ўзялі ва ўкраінскі палон. Фота з пашпартнай базы, нададзенае ініцыятывай «Кібэрпартызаны».
Грамадзянін Беларусі Артур Аракелян з аграгарадка Печышчы, якога ўзялі ва ўкраінскі палон. Фота з пашпартнай базы, нададзенае ініцыятывай «Кібэрпартызаны».

Свабода таксама зьвярнулася да ініцыятывы «Кібэпартызаны» па дадатковую інфармацыю аб Артуры Аракеляне.

Супольнасьць пацьвердзіла ягоныя дату нараджэньня і паходжаньне. Пасьведчаньне аб ягоным нараджэньні было выдадзенае 2 лютага 2005 году Сінькоўскім сельсаветам Смаргоньскага раёну.

Згодна зь інфармацыяй, якую «Кібэрпартызаны» маюць у сваім распараджэньні, Печышчанскую школу Артур Аракелян мог скончыць у 2019 годзе. Пасьля, як вынікае з запісу аб ягонай працоўнай дзейнасьці па стане на 21 ліпеня 2020 году, ён працаваў у мясцовай сельскай гаспадарцы «Прагрэс-Агра», якую ў 2023 годзе зьліквідавалі і далучылі да камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Палескае» з цэнтрам у агарагарадку Палесьсе Сьветлагорскага раёну Гомельскай вобласьці.

Ягоная маці Анжэла па стане на 2017 год таксама працавала ў «Прагрэс-Агра», была даяркай. Дадатковай інфармацыі пра бацьку Сагатэла няма.

За апошні час Ўкраіна перадала ў межах абменаў з Расеяй, што адбываліся на беларускай тэрыторыі, чатырох беларусаў: Яўгена Камянькова з Бабруйску, які знаходзіўся ва ўкраінскім палоне зь вясны 2024 году, Дзьмітра Ананчыка зь Менску, якога ў сьнежні 2024 году захапілі ў часе баёў у Луганскай вобласьці, Аляксея Чарнышова і Сяргея Мірончыка, які трапіў ва ўкраінскі палон у лютым 2025 году.

Колькі беларусаў ва ўкраінскім палоне

Такім чынам, цяпер, з улікам Артура Аракеляна, ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 8 грамадзян Беларусі:

  • Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году.
  • Сяргей Шустаў , нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, і яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
  • Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка ён трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
  • Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
  • Міхаіл Шалгун родам з Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці, ён нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году, ваяваў у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявой частцы, прыпісанай да Каменкі Ленінградзкай вобласьці. Чатыры разы асуджаны за хуліганства, разбойны напад і крадзяжы. Да адпраўкі ва Ўкраіну праходзіў рыхтаваньне ў Белгарадзкай вобласьці. Абвестку аб яго пошуках апублікавалі сёлета ў лютым у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»..
  • Мікалай Жураўлёў нарадзіўся 27 траўня 1982 году. Ягонага імя бракуе ў раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны.Згодна з інфармацыяй беларускай ініцыятывы «Кібэрпартызаны», Мікалай нарадзіўся пад Віцебскам. Пасьведчаньне аб нараджэньні яму выдалі ў Бабініцкім сельскім савеце, а пашпарт — у 1999 годзе ў Віцебскім РАУС. Хутчэй за ўсё нежанаты, бо зьвестак пра шлюб на 2021 год у дакумэнтах няма. Мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю — у 2005 годзе скончыў ПТВ-57. Працаваў на розных будаўнічых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, на Смаленскім рынку ў Віцебску. З 2011 па 2013 год быў беспрацоўным. У 2013 годзе працаваў у віцебскіх папраўчай калёніі № 3 і ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 4. Ад 2014 году значыцца зноў беспрацоўным. Ніякіх зьвестак пра ягоную актыўнасьць у Беларусі, пачынаючы з 2014 году, няма.
  • Сяргей Кузьменка нарадзіўся 22 ліпеня 1971 году. Да кантракту з расейскай арміяй ён жыў у расейскім горадзе Яраслаўлі. Ваяваў стралком у другім батальёне 102 мотастралковага полку 150-й дывізіі. Хоць ён жыў у Расеі, меў беларускі пашпарт. У Беларусі жыве ягоная 81-гадовая маці Лідзія Кузьменка. Дэталі падпісаньня ягонага кантракту з расейскай арміяй невядомыя.


Сваякі яшчэ трох грамадзян Беларусі — Яўгена Ільіна, Андрэя Кулагі і Рамана Карпенкі, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі, — зьвярнуліся ва ўкраінскія праекты па дапамогу ў пошуках. Міхаіл Шалгун, які таксама прапаў бязь вестак, пазьней знайшоўся ва ўкраінскім палоне.

У перамовах Расеі і Ўкраіны пра абмен палоннымі ўдзельнічаюць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ірына Касьцевіч і афіцэр КДБ, колішні супрацоўнік амбасады Беларусі ва Ўкраіне Валеры Сьцепановіч.

Пасьля таго, як у жніўні 2024 году ўкраінскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Курскай вобласьці Расеі, абмен палоннымі перанесьлі на тэрыторыю Беларусі.

У расейскім палоне знаходзяцца сама меней два беларусы — Сяргей Дзёгцеў і Ян Дзюрбейка, якія ваявалі ў складзе палка імя Каліноўскага і трапілі ў палон 26 чэрвеня 2022 году пад Лісічанскам. Дакладных зьвестак пра іх няма.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG