Міністэрства спорту і турызму вынесла на грамадзкае абмеркаваньне законапраект, у якім прадугледжаныя зьмены для тых, хто займаецца агра- і экатурызмам.
Адно з магчымых новаўвядзеньня — забарона аграсядзібам праводзіць спартова-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы.
У абгрунтаваньні да законапраекту гаворыцца:
«Суб’екты аграэкатурызму для арганізацыі гульняў і іншых рухомых мерапрыемстваў для аграэкатурыстаў фактычна ажыцьцяўляюць паслугі па пракаце інвэнтару для спорту і адпачынку, роўна як дзейнасьць суб’ектаў аграэкатурызму не адпавядае крытэрам для ажыцьцяўленьня пэдагагічнай дзейнасьці ў сфэры фізычнай культуры і спорту».
Улады, такім чынам, хочуць забараніць праводзіць спартова-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы ў аграсядзібах.
Таксама чыноўнікі маюць намер увесьці цэнтралізаваны збор інфармацыі аб уладальніках аграсядзібаў. Для гэта плянуецца пачаць весьці цэнтралізаваны ўлік тых, хто займаецца агра- і экатурызмам з афіцыйным дазволам ад мясцовых уладаў.
- У апошнія гады колькасьць аграсядзібаў у Беларусі зьмяншаецца. Прычына — у зьмене заканадаўства. Уласьнікі аграсядзібаў меліся перарэгістраваць сваю дзейнасьць да 1 ліпеня 2023 году, а значыць, атрымаць дазвол з райвыканкаму. Аднак заяўкі падалі толькі каля паловы ўсіх гаспадароў, а атрымалі станоўчы вынік яшчэ менш.
- Толькі да лета 2024 году колькасьць аграсядзібаў у Беларусі паменшылася ў 2,5 раза. Калі ў пачатку 2023 году налічвалася 3043 сядзібы (рэальна працавалі 70%), то да 2024 году іх засталося каля 1200.
Форум