Паводле справаздачы, сьвет уступае ў новую, небясьпечную гонку ядзерных узбраеньняў. Правілы і дамовы, якія раней абмяжоўвалі ядзерную гонку, цяпер моцна аслабленыя або зусім ня дзейнічаюць.
Актыўна абнаўляюць свае арсэналы амаль усе дзевяць краін, якія валодаюць ядзернай зброяй. ЗША, Расея, Вялікабрытанія, Францыя, Кітай, Індыя, Пакістан, Паўночная Карэя і Ізраіль мадэрнізуюць старую зброю і ствараюць новую.
На пачатак 2025 году ў сьвеце
- больш за 12 тысяч ядзерных боегаловак, і зь іх:
- больш за 9,5 тысячы знаходзяцца ў ваенных запасах, гатовыя да выкарыстаньня,
- больш за 3,9 тысячы разьмешчаныя на ракетах і самалётах,
- каля 2,1 тысячы ў стане высокай баявой гатоўнасьці.
Канец эпохі раззбраеньня
«Эра скарачэньня колькасьці ядзернай зброі ў сьвеце, якая доўжылася з канца халоднай вайны, заканчваецца. Замест гэтага мы бачым відавочную тэндэнцыю росту ядзерных арсэналаў, абвастрэньне ядзернай рыторыкі і адмову ад пагадненьняў аб кантролі над узбраеньнямі», — заявіў Ганс М. Крыстэнсэн з SIPRI.
Расея і ЗША валодаюць прыкладна 90% усёй ядзернай зброі ў сьвеце. Хоць колькасьць іх запасаў у 2024 годзе была адносна стабільнай, абедзьве краіны актыўна мадэрнізуюць свае арсэналы. Калі ня будзе новай дамовы пра абмежаваньне ядзернай гонкі, колькасьць разьмешчаных імі ядзерных боегаловак, хутчэй за ўсё, вырасьце.
Кітайскі ядзерны арсэнал расьце хутчэй, чым у любой іншай краіне. Прыкладна на 100 новых боегаловак штогод з 2023-га. На студзень 2025 году Кітай амаль скончыў будаўніцтва каля 350 новых шахт для міжкантынэнтальных балістычных ракет. І да 2035 году патэнцыйна можа мець столькі ж міжкантынэнтальных ракет, колькі Расея ці ЗША, хоць і зь меншым запасам боегаловак.
Вялікабрытанія плянуе павялічыць колькасьць боегаловак. Яна і Францыя мадэрнізуюць свае ядзерныя сыстэмы.
Індыя і Пакістан павялічваюць свае арсэналы і распрацоўваюць новыя сродкі дастаўкі.
Паўночная Карэя мае каля 50 боегаловак і дастаткова матэрыялу для стварэньня яшчэ 40.
Ізраіль афіцыйна не прызнае наяўнасьці ядзернай зброі. Але лічыцца, што ён таксама мадэрнізуе свой арсэнал і праводзіць адпаведныя выпрабаваньні.
Новая гонка ўзбраеньняў нясе значна больш рызыкі, чым папярэдняя
Пра гэта папярэджвае дырэктар SIPRI Дэн Сміт. На дапамогу распрацоўнікам зброі прыйшлі штучны інтэлект, кібэрнэтычныя і квантавыя тэхналёгіі, касьмічныя сыстэмы. Яны ж могуць стаць прычынай ядзернага канфлікту праз памылкі ў сувязі, непаразуменьні або тэхнічныя збоі.
Хацелі б далучыцца да ядзернага клюбу некаторыя краіны ў Азіі, Эўропе і на Блізкім Усходзе.
Некаторыя краіны NATO выказалі жаданьне разьмясьціць на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю ЗША.
Ці страхуе ядзерная зброя ад нападу?
Распаўсюджаны аргумэнт пра тое, што ядзерная зброя гарантуе бясьпеку, не прайшоў праверку практыкай, робяць выснову аўтары дакладу.
Як паказаў нядаўні канфлікт паміж Індыяй і Пакістанам, яна не прадухіляе звычайных войнаў.
Наадварот, можа несьці большую пагрозу празь вялікую рызыку эскаляцыі і катастрафічныя памылкі.
Форум